29 кастрычніка 2019 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Рыгора Рыгоравіча Бысюка (1954), дзяржаўнага дзеяча, работніка культуры
Рыгор Рыгоравіч Бысюк нарадзіўся 29 кастрычніка 1954 г. у вёсцы Неплі Брэсцкага раёна. Да 1969 г. вучыўся ў Клейнікаўскай васьмігадовай школе. У школьныя гады захапіўся танцамі, танцаваў у народным ансамблі песні і танца «Прыбужжа» СШ № 5 г. Брэста. Потым удзельнiчаў у народным ансамблі народнага танца «Радасць» Брэсцкага ГДК, з якім пабываў на гастролях у розных краінах. Скончыў філалагічны факультэт Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Служыў у Савецкай арміі.
2019 г. — 120 гадоў з часу пабудовы Свята-Узнясенскай царквы ў в. Вельямовічы (Брэсцкі р-н; 1899), помніка архітэктуры руска-візантыйскага стылю
У сярэдзіне ХІХ ст. Свята-Сімяонаўскі драўляны храм у в. Вельямовічы Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці), які быў пабудаваны як уніяцкі ў 1631 г. (па іншых звестках у 1650–1660 гг.), з цягам часу спарахнеў, працягваць богаслужэнні было немагчыма. Па хадайніцтве брэсцкага епіскапа Ігнація (Жалязоўскага) пачалося будаўніцтва мураванага храма.
2019 г. — 280 гадоў з часу пабудовы Свята-Пакроўскай царквы ў в. Покры (Брэсцкі р-н; 1739), помніка народнага драўлянага дойлідства
Адасоблена ад вёскі Покры Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ў паўночна-заходнім баку на пагорку размешчана царква, збудаваная ў 1739 г. і прысвечаная Пакрову Прасвятой Багародзіцы. Паблізу ад храма працякае рака Лясная, за ёю — вёскі Вялікія і Малыя Сухарэвічы.
2019 г. — 410 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў в. Шумакі (Брэсцкі р-н; 1609), помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння
Спаса-Праабражэнская царква пабудавана ў 1609 г. на левым беразе ракі Лясная, на захад ад вёскі Шумакі Берасцейскага староства ВКЛ (цяпер Клейнікаўскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). Паводле іншых крыніц царкву будавалі ў 1609–1612 гг. Царква ўзводзілася як праваслаўная, але неўзабаве была пераўтворана ва ўніяцкі храм, пасля ліквідацыі уніі (1839) зноў стала праваслаўнай.
2019 г. — 150 гадоў з часу пабудовы Свята-Раства-Багародзіцкай царквы ў в. Гершоны (Брэст; 1869), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Першыя звесткі аб праваслаўным храме ў вёсцы Гершоны Брэсцкага раёна (з 2007 г. у межах г. Брэста) адносяцца да 1349 г. Пад 1549 г. узгадваецца царква Раства Багародзіцы. Новая царква была пабудавана ў 1662 г. на сродкі берасцейскага кашталяна Яна Жабы і яго жонкі Ганны з Залескіх. Да сярэдзіны ХІХ ст. драўляная царква спарахнела, а прыход быў вялікі — больш за 900 чалавек. Па хадайніцтве вікарыя Літоўска-Віленскай епархіі Брэсцкага епіскапа Ігнація (Жалязоўскага) у 1864 г. было вырашана будаваць мураваны храм.
28 сакавіка 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Фёдара Емяльянавiча Богдана (1939–2004), беларускага спевака (бас), заслужанага артыста Украінскай ССР (1979)
Фёдар Емяльянавіч Богдан нарадзіўся 28 сакавіка 1939 г. у вёсцы Кацельня-Баярская Брэсцкага павета Палескага ваяводства ў сялянскай сям’і. З 1940 г. вёска была ў складзе Гершонскага сельсавета Брэсцкага раёна, з 2007 г. — у межах Брэста. У Фёдара былі старэйшыя сястра Любоў (1927–2008) і брат Аляксей (1929–2003). Вучыўся ў Гершонскай школе. З маленства меў вялікія музычныя здольнасці, вучыўся ў Брэсцкай дзіцячай музычнай школе, дзе настаўнікі заўважылі яго моцны прыгожы голас і рэкамендавалі працягваць навучанне па спевах.
29 снежня 2019 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Васіля Іванавіча Загароднева (1919–1944), удзельніка вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Героя Савецкага Саюза (1945)
Васіль Іванавіч Загароднеў нарадзіўся 29 снежня 1919 г. у вёсцы Лох Саратаўскага павета (цяпер Навабураскага раёна Саратаўскай вобласці, Расія) у сялянскай сям’і. Школа ў сяле тады была пяцігадовай, з шостага па восьмы клас Васіль Загароднеў вучыўся ў Новых Бурасах. Марыў стаць настаўнікам гісторыі, але моцна захварэла маці, яму давялося застацца дома, дапамагаць па гаспадарцы. З 1938 г. загадваў клубам у родным сяле.
13 сакавіка 2019 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Паўлавіча Саванеўскага (1904–1941), дзеяча рэвалюцыйнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі
Аляксандр Паўлавіч Саванеўскі нарадзіўся 13 сакавіка 1904 г. у вёсцы Дзяменічы Брэсцкага павета (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У час Першай сусветнай вайны сям’я знаходзілася ў бежанцах у Расіі, вярнулася на радзіму ў 1921 г., калі Брэстчына апынулася пад польскай акупацыяй.
1 красавіка 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Анатоля Тарасавіча Федарука (1939), вучонага ў галіне геабатанікі, гісторыка сядзібна-паркавага мастацтва, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь
Анатоль Тарасавіч Федарук нарадзіўся 1 красавіка 1939 г. у вёсцы Хабы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці). У 1961 г. скончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Настаўнік біялогіі, хіміі і геаграфіі».
2 студзеня 2019 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Марыі Сямёнаўны Якімук (1944), педагога, пісьменніцы, паэткі
Марыя Сямёнаўна Якімук (Гарах) нарадзілася 2 студзеня 1944 г. у вёсцы Ліпінкі Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Дамачаўскую сярэднюю школу, факультэт методыкі і педагогікі пачатковага навучання Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна. Больш за 30 гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў у школах Брэсцкага раёна, большасць з тых гадоў — у Кавярдзяках, дзе жыве і цяпер.